Асновы харэаграфічнай адукацыі ў Беларусі былі закладзены ў 1928 годзе, калі пры Мінскім музычным тэхнікуме быў адкрыты харэаграфічны клас. Хутка на яго аснове пачынае працу Беларуская студыя оперы і балета, а ў 1939 годзе адкрываецца харэаграфічнае аддзяленне ў Мінскім тэатральным вучылішчы. У маі 1941 года адбыўся першы выпуск прафесійных артыстаў балета.
У 1945 годзе пачынае сваю працу харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь (з 1995 года - каледж, з 2010 года - гімназія-каледж). БДХГК з'яўляецца адзінай у Рэспубліцы Беларусь навучальнай установай па падрыхтоўцы артыстаў балета.
Вельмі важным для станаўлення і развіцця прафесійнай харэаграфічнай адукацыі ў Рэспубліцы з'явілася тое, што ля яго вытокаў стаялі вучаніцы прафесара А.Я.Ваганавай: З.А.Васільева, якая стала першым мастацкім кіраўніком вучылішча, выкладчыкі класічнага танца Н.Ф.Младзінская, В.А.Дудко.
Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа працуюць ва ўсіх харэаграфічных калектывах Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў Нацыянальным Акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, Дзяржаўным акадэмічным ансамблі танца Беларусі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным заслужаным харэаграфічным ансамблі "Харошкі". У розны час каледж скончылі выдатныя артысты балета, творчасць якіх належыць не толькі беларускаму мастацтву, але і сусветнай харэаграфіі - народныя артысты рэспублікі: Людміла Бржазоўская, Юрый Траян, Уладзімір Камкоў, Інэса Душкевіч, Уладзімір Іваноў, Віктар Саркісьян, Валянцін Дудкевіч.
Выпускнікі апошніх гадоў з'яўляюцца вядучымі салістамі Вялікага тэатра ў Маскве, Марыінскага ў Санкт-Пецярбургу, балетных тэатраў пад кіраўніцтвам Ньюмэна Ноймаера, Барыса Эйфмана і інш.
Сярод выпускнікоў БДХГК - 12 народных артыстаў Рэспублікі Беларусь, 26 заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
У каледжы выкладаюць вопытныя спецыялісты, майстры харэаграфіі - выпускнікі Пецярбургскага, Маскоўскага і Беларускага балетных вучылішчаў.
Сёння ў гімназіі-каледжы займаецца 272 вучня.
Вялікі ўклад у развіццё вучняў, якія дасягнулі высокага прафесіяналізму, ўнеслі майстры харэаграфіі: Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Калядзенка А.І., Народная артыстка Беларусі Савельева І.М., Народная артыстка Беларусі Малышава К.М., Народная артыстка Беларусі Давыдзенка Н.С., Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Пятрова М.В., Народны артыст Беларусі Саркісьян В.У.
Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж з’яўляецца метадычнай базай для ўсіх харэаграфічных навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Штогод педагогамі каледжа праводзяцца майстар-класы для харэографаў краіны, якія праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў НДІ праблем культуры.
Навучэнцы каледжа заняты ва Ўрадавых канцэртах, навагодніх ёлках, арганізаваных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 60-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў 2004-2005 гадах былі праведзены фестывальныя мерапрыемствы "Творчасць юных - роднай Беларусі". БДХГК прымае актыўны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах Фрунзенскага раёна і горада. У традыцыях харэаграфічнага каледжа – святочныя канцэрты для жыхароў горада да Дня Абаронцаў Айчыны, Дня маці, Дня Настаўніка, медыцынскага работніка, ушаноўванне ветэранаў ВАВ да Дня Перамогі, канцэрты для школ горада, дамоў-інтэрнатаў і інш. Штогод у Нацыянальным акадэмічным тэатры балета для мінчан і гасцей сталіцы з вялікім поспехам ладзяцца выпускныя канцэрты УА "Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж".